Ну ўсё, заўтра будзе дзень Х. Заўтра я нарэшце дакажу сваю даўнюю тэорыю, што чым болей вучыш, тым горш здаеш іспыт. Заўтра я здаю GRE (Graduate Records Examination) - іспыт у аспірантуру, які складаецца з 4 частак: 2-х сачыненняў, лінгвістычнай часткі і матэматычнай. Пачала я вучыць тыдзень таму. Задаволеная сабой, што не адклала ўсё на апошні момант, узяла ў бібліятэцы вялізны падручнік па падрыхтоўцы, і села вучыць. Першае, што я вычытала было "калі ў вас да тэсту засталося менш за 4 тыдні, тэрмінова адкладзіце гэтую кнігу і рабіце нешта па-іншаму", альбо іншымі словамі "калі ў вас да тэсту засталося менш за 4 тыдні, і вы толькі зараз адкрылі гэтую кнігу, то вы вялікі ідыёт". Тады я зразумела, што гэта, у прынцыпе, і ёсць АПОШНІ момант, таму ганарыцца тут няма чым.
Але я настроілася рашуча, і ўсё ж не адклала тую кнігу (яна проста адзіная ў бібліятэцы заставалася), і села вучыць. Паралельна зразумеўшы, што я аказваецца ні фіга ангельскай мовы не ведаю, я вучыла тры дні і тры ночы. Вывучыла 79 новых словаў, і паўтарыла ўсю матэматыку. Пасля вырашыла, што да тэсту я ўжо фактычна падрыхтаваная, і пайшла гуляць сабе. На наступны дзень думаю - а паспрабую я напісаць пробны тэст які можна на інтэрнэце скачаць. Напісала. У 59%
percentile, што азначае 41% людзей напісалі лепей за мяне. Гыгы. Гудбай, ПэнСтэйт Юнівэрсіці!! Пахадзіла, паперажывала, пасля думаю - ладна, можа і не такая я падрыхтаваная, можа яшчэ трохі павучу. Вучыла яшчэ пару дзён, і ўчора думаю - ну яшчэ адзін тэсцік паспрабую. І паспрабавала, на гэты раз патрапіла у 23%, адпаведна 77% напісалі бы лепей за мяне. Гагага, гудбай, аспірантура!! Такім чынам, калі далей так пойдзе, то заўтра, на сапраўдным тэсце, я напішу недзе прыкладна на 0%. Таму я забіла зусім на тое каб яшчэ штосці вывучыць, і сяжу, каву папіваю. Купіла сабе даўнхіл лыжы, пайду можа заўтра катацца...